Інтэрв’ю з Віктарам Віктар – няспынны рухавічок у дупцы Анібела, рэдактар, перакладчык і жожафаг. Артадаксальны аматар арыгінальнай агучкі і субцітраў, у вольны ад перакладаў час – магістрант у БНТУ. Віктар – адзін з тых людзей, на якіх трымаецца праект. У ягонай рэдактуры пабачылі свет Невераемныя прыгоды ДжоДжо, Мова бадзяжных сабак, найлепшы тайтл восені пра Сузіранне калготак і бясконцая колькасць іншых тайтлаў.
Менавіта дзякуючы ягонай паслядоўнасці і дысцыплінаванасці на сайце штодня з’яўляюцца новыя серыі, а ў групах ВК і Telegram – анонсы і спасылкі. Заразлівы аптымізм, уважнасць да дэталяў і ўпартасць Віктара злавесным прывідам навісаюць над любым перакладчыкам, які задумаў закінуць працу. Чуткі пра тое, што аднойчы ён жыўцом з’еў аднаго паляка – трошкі перабольшаныя…
Няшачка, раскажы як ты трапіў на Анібел?
Я сам шчыра кажучы не вельмі ведаю, як я сюды трапіў! Скінулі спасылку, я паглядзеў, закрыў, забыў. А потым сутыкнуўся з Ведымі ў суполцы па перакладу Telegram на беларускую, падцягнуўся ва Ўчат і сам хрэн ведае як усё закруцілася. Увоугле, я з Анібелам у першую чаргу таму, што сам анімэшнік. Мне заўжды падабалася ідэя анімэ на беларускай мове.
Як сталася, што ты пачаў перакладаць, займацца рэдактурай?
Спачатку я не хацеў удзельнічаць, хацеў быць спажыўцом, каб усё за мяне рабілі. А потым гляджу: дык робяць-та ніхрэна па-сутнасці! У параўнанні з тым, што зараз робім – тады не рабілі ні-хрэ-на. Спачатку я браўся за рэдактуру, кінулі Жожу – паглядзі, павыпраўляй. Ну і там паглядзеў, гэта што, рэдактура ваша? Гэта вашы рэдактары так працуюць?! І вось з’явіўся інтарэс самому перакладаць тое, што мне цікава – пробай пяра быў “Нечы позірк”: як гэта ў мяне атрымаецца, ці атрымаецца ўвогуле? Атрымалася нядрэнна і вось так уцягнуўся.
Чаму ты карыстаешся беларускай мовай?
Можна сказаць, гэта ў тым, ці іншым выглядзе ў мяне было ўсё жыццё са школьных гадоў. Шмат-жа там заціралі ўсялякай муці, тыпу, гэта наша родная мова, трэба падтрымліваць, ля-ля-ля, і гэта чапляла мяне. Калі я займаўся перакладам софта, гэта таксама вынік таго, школьнага, уплыву.
Ніякай прыгожай гісторыі пра каханне да настаўніцы, якая вяла беларускую?
Не, настаўніца была швах, але з шэрагу тых, што зацірала вось гэта ўсё пра патрыятызм.
Што для цябе самае складанае ў працэсе перакладу?
Я ж перакладаю ў асноўным з рускай і лічу, што гэта ўсё – ізі катка. Гэта ж робіцца за хвілін дваццаць насамрэч максімальна. Я што раблю? Своеасаблівы кампот. Бяру за аснову рускі пераклад, але калі мне нешта не падабаецца, таксама гляджу што там у англійскай версіі.
Калі робіш рэдактуру, якія памылкі найчасцей сустракаеш у нашых перакладчыкаў?
Сабесябе – часцей за ўсё. Таксама не люблю, калі выкарыстоўваюць спрэчныя, дыялектныя словы. Не люблю, але стараюся не выпраўляць.
Якія тайтлы, акрамя ДжоДжо табе спадабаліся?
Макота Сінкай – “Тваё імя”, “Сад слоў”. Той “Сад слоў” – там было хоку, кавалак японскага вершыка, і я сядзеў думаў, як гэтыя вершы ўвогуле робяцца, як яно было напісана, як гэта перакласці. Менавіта, калі анімэ паўплывала на мяне – магу ўзгадаць хіба “Форму голасу”, “Стальнога алхіміка” – тайтл, пасля якога я купіў Battlefield 1.
Топ-3 найгоршых, самых бясячых тайтлаў, якія ты глядзеў?
Найгоршым было “Не можа быць мая сястрычка такой мілай” – першае месца ў маім анты-рэйтынгу. Другое – “Гэты свін не разумее мару дзяўчыны-зайкі”. Трэцяе нават не ведаю, хай будзе “Эраманга” – такі трэшняк… Мала таго, што гарэмнік, дык яшчэ лалікон.
Тобта ты трыгерышся на гарэмнікі, на лаліконы…
Я проста разумею, што ўсё гэта падман, каб набраць класы. Чыста каб народу ўцюхаць, вось і ўсё. Цьхфу!
Чым ты займаешся ў свабодны час?
Праглядам тупых відосікаў на ютубе і Батлфілдам. Анібел – маё хобі.
Якой ты бачыш нашу супольнасць у будучыні?
Калі не надта доўгая перспектыва, то было б цудоўна як можна больш анімэ перакласці, хаця б субцітрамі, браць ангоінгі больш. Самае крутое, што я магу ўявіць – гэта калі мы ўжо падняліся і круцім прэм’еры анімэшак у кінатэатрах. Я разумею, што ўсё гэта цяжка, што ўсё гэта не хутка, але перспектывы развіцця ёсць.
Зрабіць усё ў лепшым выглядзе, а потым можна і сыходзіць… Хаця, калі гэта стане камерцыйна – можа быць і заставацца!
Кім, або чым, ты натхняешся? Можа нейкія дзеячы нашы?
А ў нас ёсць такія?.. Я не ведаю, ніколі не думаў пра гэта. Я магу сказаць, што вось гэта мне падабаецца, тое – не. Але каб паўплываў на мяне хто – такога няма.
Глядзіце тайтлы з-пад пяра Віктара па спасылцы:
anibel.net/anime?editors.
Капеечка, ці пара рублікаў данату – гэта істотная дапамога для студэнта і матывацыя рабіць яшчэ больш. Рэдакцыі страшна нават уявіць, на што здатны Віктар, калі яго рэгулярна карміць:
https://money.yandex.ru/to/410018524038678